ХАЛО́ДНАЯ ЗБРО́Я,

зброя рукапашнага бою, выкарыстанне якой не звязана з выбуховымі рэчывамі. Падзяляецца на ўдарную (булава, паліца, шастапёр і інш.), колючую (канчар, кап’ё, піка, стылет і інш.), сякучую (бярдыш, меч, сякера і інш.), колюча-сякучую (алебарда, кінжал, палаш і інш.), колюча-рэжучую (нож, штык-нож і інш.). Х.з. вядома з ранняй стадыі развіцця чалавецтва як сродак палявання, потым стала і баявой. Рабілі яе з дрэва, каменю, косці, пазней з медзі, бронзы, жалеза, сталі. Паралельна з’явілася засцерагальнае ўзбраенне, у сувязі з гэтым мяняліся віды Х.з. і сродкі засцярогі. Да 15—16 ст. Х.з. была гал. відам, з удасканаленнем агнястрэльнай зброі (вынайдзена ў 14 ст.) страчвала першапачатковае прызначэнне. Варыянты Х.з. на тэр. Беларусі вядомы з каменнага веку да 18 ст. Найб. пашыраныя з іх былі дубіны, баявыя косы, гізармы, глевіі, кісцяні, кляўцы, корды, пярначы, пратазаны, скрамасаксы, цесакі, чаканы і інш. На ўзбраенні сучасных армій захаваліся штык, армейскі нож і корцік. Некат. віды Х.з. захаваліся як спарт. зброя (рапіра, шабля, шашка).

т. 16, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)